Матацыкл на шалёнай хуткасці павярнуў у цемры так хутка, што абодва паліцэйскія, што гналіся за ім на машыне, пракрычалі "Ух ты!" Сяржант Фішар велізарнай нагой націснуў на тормаз, баючыся, што хлопец на заднім сядзенні паляціць яму пад калёсы. Аднак пры павароце матацыкл не скінуў ніводнага з ездакоў і, міргнуўшы заднім ліхтаром, знік у завулку.
- Яны ў нашых руках! - радасна закрычаў  паліцэйскі Андэрсан. - Гэта тупік!
Налягаючы на стырно і выціскаючы на поўную, Фішэр паехаў па завулку, у запале пагоні здзіраючы фарбу з крыла машыны.
І вось у святле фар стала бачная іх здабыча, нарэшце нерухомая пасля пятнаццаці хвілін пагоні. Ездакі апынуліся ў пастцы паміж высокай цаглянай сцяной і паліцэйскай машынай, якая зараз набліжалася да іх, нібы нейкі драпежнік з зіготкімі вачыма.
Паміж дзвярамі машыны і сценамі завулка было так мала месца, што Фішар і Андэрсан з цяжкасцю здолелі выбрацца з машыны. Яны былі вельмі незадаволеныя тым фактам, што ім давялося асцярожна, бокам выпаўзаць да парушальнікаў. Фішар выцягнуў сваё прыстойных памераў пуза ўздоўж сцяны, адрываючы гузікі на кашулі, і ў канцы адламаў бакавое люстэрка пятай кропкай.
- Злазьце з матацыкла! - закрычаў ён падлеткам, якія ўсміхаліся і грэліся ў промнях сіняга святла, нібы атрымоўваючы ад яго асалоду.
Яны зрабілі, як было загадана. Нарэшце, адарваўшыся ад зламанага бакавога люстэрка, Фішар зірнуў на іх. Выглядалі яны гадоў на 17-18. У кіроўцы былі доўгія чорныя валасы. З-за яго прывабнасці і з-за таго, як напышліва ён выглядаў, Фішар без задавальнення ўзгадаў хлопца сваёй дачкі, гітарыста-лайдака. У другога хлопца таксама былі чорныя валасы, але яны былі кароткія і тырчалі ва ўсе бакі. Ён быў у акулярах і здзекліва ўсміхаўся на ўвесь твар. Абодва былі ў цішотках з вялікай залатой птушкай, якая, без сумневу, была эмблемай якога-небудзь рок-гурта, усім членам якой мядзведзь наступіў на вуха.
- Без шлемаў! - закрычаў Фішэр, паказваючы то на адну непакрытую галаву, то на другую. - Перавышаеце хуткасць... вельмі перавышаеце!
(На самой справе, радар паказаў хуткасць значна вышэй за тую, з якой, па меркаванні Фішара, маглі ездзіць матацыклы.) Не спыняецеся па патрабаванні паліцыі!
- Мы б з задавальненнем спыніліся і пагутарылі з вамі, - сказаў хлопчык у акулярах, - але мы спрабавалі...
- Ну-ка не мудрагельце... вы двое ўляпаліся ў непрыемнасці! - прагыркаў Андэрсан. - Імёны!
- Імёны? - паўтарыў даўгавалосы кіроўца. - Эм... дайце падумаць. Уілерфорс… Батшэма…. Элвендарк…
- І што добра ў гэтым імі, дык гэта тое, што ім можна назваць і хлопчыка, і дзяўчынку, - сказаў хлопчык у акулярях.
- А, у сэнсе, нашыя імёны? - спытаў першы, калі Андэрсан ад злосці пачаў мармытаць нешта невыразнае. - Так бы і сказалі! Гэта Джэймс Потэр, а я Сірыўс Блэк!
- А ў цябе зараз будуць вялікія праблемы, маленькі нахабнік...
Але ні Джэймс, ні Сірыўс яго не слухалі. Раптам яны рэзка выпрасталіся, нібы паляўнічыя сабакі, і паглядзелі паўзверх Фішара і Андэрсана, паўзверх паліцэйскай машыны, узіраючыся ў цемру завулка. Затым аднолькава плаўна яны засунулі рукі ў заднія кішэні.
На імгненне абодвум паліцыянтам падалося, як на іх нацэлілі пісталеты, але праз секунду яны ўбачылі, што матацыклісты дасталі толькі...
- Барабанныя палачкі? - з'едліва сказаў Андэрсан. - А вы жартаўнікі, так? Значыцца так, вы арыштаваныя па абвінавачванні ў...
Але Андэрсан не паспеў назваць прычыну арышту. Джэймс і Сірыўс пракрычалі нешта незразумелае, і промні святла ад фар пачалі рухацца.
Паліцыянты павярнуліся, а затым адступілі назад. Уздоўж завулка ляцелі - сапраўды ляцелі - трое на мётлах... І ў той жа час паліцэйская машына ўстала на дыбкі.
У Фішара падкасіліся ногі, ён рэзка сеў; Андэрсан спатыкнуўся аб ногі Фішара і зваліўся на яго, у той час як: грук!.. бах!.. хрась!.. яны пачулі, як трое на мётлах урэзаліся ў машыну і паваліліся на зямлю, верагодна, без прытомнасці, а побач з імі рассыпаліся абломкі мёцел.
Матацыкл зноў завёўся. Седзячы з адкрытым ротам, Фішар знайшоў сілы паглядзець на хлопцаў.
- Вялікі дзякуй! - скрозь гуд матора крыкнуў Сірыўс. - Мы вам будзем вінныя!
- Так, прыемна было пазнаёміцца! - сказаў Джэймс. - І не забудзьцеся: Элвендарк! Падыходзіць і для хлопчыка і для дзяўчынкі!
Раздаўся грукат, ад якога скалыхнулася зямля, і Фішар з Андэрсанам ад страху абхапілі адзін аднаго - іх машына звалілася назад на зямлю. Цяпер на дыбкі ўстаў матацыкл. Паліцыянты не  маглі паверыць сваім вачам, калі проста перад імі ён узняўся ў паветра: Джэймс і Сірыўс ляцелі ўдалеч начнога неба, а задні ліхтар зіхацеў, нібы рубін.